У Лагойскім краязнаўчым музеі гучалі вершы і музыка

З нагоды святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання Лагойшчыну наведалі пісьменнік Міхась Скобла і спявачка Таццяна Грыневіч. Літаратурна-музычная сустрэча была наладжана ў Лагойскай школе № 1, а таксама ў Лагойскім краязнаўчым музеі. Падчас мерапрыемства гучалі творы аўтара і песні на вершы знакамітых беларускіх паэтаў. 

 

Выступаючы перад вучнямі, Міхась Скобла адразу ж зрыфмаваў радкі пра прыгажосць Лагойшчыны: “Гучыць па краі пагалоска: не вяне прыгажосць Лагойска…”. Паэт прыгадаў некаторыя біяграфічныя звесткі з жыцця Янкі Купалы, які  жыў у нашым раёне і таксама натхняўся яго краявідамі. 

Удала ўпісалася ў праграму выступленне Таццяны Грыневіч, якая цудоўна выводзіла пад уласны акампанемент патрыятычная радкі паэтаў класікаў: “О, Беларусь, мая шыпшына” Уладзіміра Дубоўкі, “Спадчына” Янкі Купалы, “Па-над белым пухам вішняў” Максіма Багдановіча і інш. 

Не абышлося і без любімай дзецьмі гульні: спачатку хлопчыкі і дзяўчынкі запаміналі  назвы грыбоў з верша чытальніка, затым называлі нашы рэкі, а пасля адгадвалі загадкі, успамінаючы беларускія словы. А як жа без падарункаў? Імі сталі паштоўкі са словамі на беларускай мове, значкі з выявай ордэна Скарыны, а таксама плакаты да 500-годдзя кнігадрукавання.