Асеннія канікулы пачаліся 29 кастрычніка і працягнуцца да 7 лістапада ўключна

Доўгачаканыя асеннія канікулы пачаліся 29 кастрычніка і працягнуцца да 7 лістапада ўключна. На гэты час у раённым Доме рамёстваў і дзіцячай бібліятэцы запаланаваны шэраг мерапрыемстваў, на якія чакаюць хлопчыкаў і дзяўчынак не толькі з лагойскіх, але і іншых школ раёна.

Так, Дом рамёстваў на працягу ўсяго канікулярнага часу запрашае на азнаямленчыя экскурсіі, у тым ліку з наведваннем сувенірнай крамы. На кожны дзень запланаваны майстар-класы. Так, 31 кастрычніка Мікалай Стрэльчанка правядзе захапляючыя заняткі па ганчарным майстэрстве. Першага лістапада пад кіраўніцтвам Наталлі Марцінкевіч тут адбудзецца раённы семінар-практыкум па вырабу саламянага павука. 2 лістапада дырэктар Дома рамёстваў Кацярына Мароз запрашае на гульнёва-пазнавальную праграму "Народныя рамёствы". Падчас яе ўдзельнікі не толькі даведаюцца пра багацце беларускай культуры, але і змогуць самастойна зрабіць закладкі ў тэхніцы выцінанкі і вылепіць панно з гліны.

3 лістапада майстар Таццяна Раманчук правядзе заняткі, на якіх усе жадаючыя змогуць навучыцца вырабляць традыцыйную гліняную свістульку. Не менш цікавыя заняткі ад Людмілы Буцэр па вырабе лялькі-мотанкі запланаваны на 4 лістапада. 

Наведаць гэтыя мерапрыемствы могуць абсалютна ўсе жадаючыя. На калектыўныя паездкі ад школ заяўкі прымаюцца па тэлефоне 54-0-45, час правядзення майстар-класаў у азначаныя дні ўзгадняецца дадаткова.

Дзіцячая бібліятэка таксама падрыхтавала шэраг займальных мерапрыемстваў. 31 кастрычніка сюды запрашаюць на ўрок цікавых паведамленняў "Суем нос в любой вопрос". Першага лістапада да 130-годдзя з дня нараджэння любімага дзіцячага пісьменніка Самуіла Маршака будзе падрыхтавана тэматычная паліца "Пусть добрым будет ум у вас, а сердце умным будет". Другога лістапада супрацоўнікі бібліятэкі чакаюць аматараў творчасці Якуба Коласа на літаратурную гадзіну "Чытаем Коласа разам", прымеркаваную да 135-годдзя пісьменніка. Трэцяга лістапада для хлопчыкаў і дзяўчынак будзе праведена займальная гульня-падарожжа "У госці да С. Я. Маршака". Усе пытанні пра час правядзення мерапрыемстваў можна задаць па тэл. 55-1-91.

 

Автор: Таццяна Крэнь

Фото: Юрий Кривошей